У Беларусі вызначаны таксавы кошт на драўніну асноўных лясных парод

У Беларусі вызначаны таксавы кошт на драўніну асноўных лясных парод, якая адпускаецца на пні, у 2023 годзе. Адпаведная пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 947 ад 30 снежня 2022 г. апублікавана на Нацыянальным прававым Інтэрнет-партале.

У адпаведнасці з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 кастрычніка 2022 г. нумар 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн” таксавы кошт на драўніну асноўных лясных парод, што адпускаецца на пні, у 2023 годзе не змяніўся ў параўнанні з 2022 годам. Згодна з пастановай Урада, у прыватнасці, такса першага разраду за адзін шчыльны кубаметр буйной дзелавой драўніны без кары для хвоі і лістоўніцы складае 27,90 рубля, елкі, піхты – 24,36 рубля, дуба, ясеня і клёну – 96,44 рубля, бярозы (акрамя бярозы карэльскай) – 9,22 рубля.

Таксы – своеасаблівая плата за вырошчванне драўніны. Яны прызначаны для кампенсацыі затрат лясной гаспадаркі на ўзнаўленне, ахову і абарону лясоў. Кошт драўніны, якая адпускаецца на пні, вызначаецца паводле памеру такс (з 1-го па 5-й разрад) у залежнасці ад катэгорыі якасці (буйная, сярэдняя, дробная, дрывяная драўніна), а таксама парод (хвоя, елка, дуб, бяроза, асіна, алешына шэрая і інш.).

Comments are closed.